Геаграфічны факультэт

   З 1934 г. геолага-глебава-геаграфічны факультэт (з 1937 г. – «геаграфічны») стаў цэнтрам падрыхтоўкі спецыялістаў-географаў і распрацоўкі актуальных пытанняў геаграфічнай навукі ў Беларусі. У першыя гады былі створаны 3 спецыяльныя кафедры і музей мінералогіі і петраграфіі. Станаўленне факультэта звязана з працай першых прафесараў па геаграфіі і геалогіі А.А. Смоліча і М.Ф. Бліадуха, акадэміка Я.М. Афанасьева, члена-карэспандэнта АН БССР А.М. Жырмунскага. Вялікую дапамогу ў арганізацыі навучальнага працэсу і навуковых даследаванняў аказалі навукоўцы Масквы і Ленінграда (прафесары М.М. Смірноў і І.М. Іваноў і інш.).
   З першых гадоў існавання факультэта вызначыліся асноўныя кірункі дзейнасці: падрыхтоўка і забеспячэнне кваліфікаванымі географамі сістэмы адукацыі Беларусі; забеспячэнне геолагамі, глебазнаўцамі, тапографамі, спецыялістамі па арганізацыі экскурсійнай справы ў рэспубліцы; даследаванне праблем фізічнай геаграфіі, палеагеаграфіі, геамарфалогіі, геалогіі, глебазнаўства, прыродных рэсурсаў Беларусі. У сценах факультэта сфармаваліся і атрымалі развіццё наступныя асноўныя навуковыя школы: ландшафтазнаўства і геаэкалогіі (В.А. Дзяменц'еў, Г.І. Марцінкевіч, А.Н. Вітчанка і інш.), лімналогіі (В.П. Якушка, Б.П. Уласаў, П.С. Лопух і інш.); глебазнаўства (Я.М. Афанасьеў, І.С. Лупіновіч, А.Р. Мядзведзеў, В.С. Аношка і інш.); эканамічнай геаграфіі (М.М. Смірноў, М.Т. Раманоўскі, І.І. Трухан, І.І. Пірожнік і інш.). Паспяхова развіваюцца асобныя навуковыя кірункі: кліматалогія (А.Х. Шкляр, П.А. Каўрыга і інш.), картаграфія і дыстанцыйныя метады даследаванняў (В.Я. Крышчановіч, Р.А. Жмойдзяк, Ю.М. Абухоўскі і інш.), тапаніміка Беларусі (В.А. Жучкевіч, Г.Я. Рылюк і інш.) рэгіянальная геалогія (Дз.М. Карулін, В.М. Губін, Э.А. Высоцкі і інш.).

Факультэт вядзе падрыхтоўку па спецыяльнасцях:
- геаграфія (навукова-педагагічная дзейнасць),
- геаінфармацыйныя сістэмы,
- геалогія і выведка радовішчаў карысных выкапняў,
- геаэкалогія,
- гідраметэаралогія,
- космааэракартаграфія.

  Выпускнікі геаграфічнага факультэта працуюць у праектных, навукова-даследчых, навукова-вытворчых прадпрыемствах і службах (тапографа-картаграфічных, меліярацыйных, лесаналаджваючых, глебава-аграхімічных, экалагічных, транспартных, эканоміка-статыстычных, турысцкіх, экскурсійна-краязнаўчых) – па профілі атрыманай спецыялізацыі; у сярэдніх агульнаадукацыйных установах, тэхнікумах, каледжах, ВНУ Мінадукацыі РБ; Дэпартаменце па гідраметэаралогіі Мінпрыроды РБ і яго тэрытарыяльныя падраздзяленнях (абласныя ўпраўленні, метэаралагічныя станцыі); Дэпартаменце па меліярацыі і воднай гаспадарцы Мінпрыроды РБ (сельскагаспадарчыя станцыі, лабараторыі); прадпрыемствах і арганізацыях Дзяржкамітэта па маёмасці; Дэпартаменце па геалогіі Мінпрыроды РБ, геалогавыведных партыях, інстытутах НАН Беларусі і інш.
   Асноўныя формы міжнароднага супрацоўніцтва геаграфічнага факультэта з такімі краінамі, як Нідэрланды, Польшча, Германія, Швецыя, Швейцарыя, Балгарыя і інш – гэта сумесныя навуковыя даследаванні і экспедыцыі, абмен вынікамі даследаванняў, навуковай і метадычнай літаратурай, удзел у міжнародных канферэнцыях, сімпозіумах, семінарах, навуковыя стажыроўкі, узаемаабмен студэнтамі.

Рассказать в социальных сетях