Музей землязнаўства

У 1934 г. кабінет мінералогіі і петраграфіі пры БДУ быў пераўтвораны ў музей мінералогіі і петраграфіі (заг. музея П. М. Зубрыцкі). Асноўнымі экспанатамі музею былі калекцыі мінералаў і горных пародаў, падараваныя акдэмікам М. Ф. Бліадуха, а таксама экспанаты, сабраныя выкладчыкамі і студэнтамі з Урала, Каўказа і Беларусі. Выстава музея значна павялічылася на пачатку 40-х гадоў, але пад час Вялікай Айчыннай вайны была практычна цалкам знішчана. Толькі дробная частка ўзораў была захавана вядомым геолагам І. Е. Кавалёвым, які перадаў іх на кафедру ў 1948 г. Па ініцыятыве палеантолага, прафесара, члена-карэспандэнта АН БССР А. В. Фурсенка з запасных фондаў Акадэміі наук БССР і Маскоўскага дзяржаўнага універсітэту імя М. В. Ламаносава ў музей трапіла значная колькасць узораў горных пародаў і мінералаў. У час палявой практыкі па геалагічнаму картаванню студэнтаў-геолагаў у 1954 г. на Паўдневым Урале былі сабраны новыя экспанаты. Але самымі багатымі калекцыі музей атрымаў у 1955-1962 гг. Пад кіраўніцтвам загадчыка музея В. П. Спірыдонава былі сабраны калекцыі ўзораў з Урала, Заходняй і Усходняй Сібіры, Казахстана, Сярэдняй Азіі, Украіны. У 1969 г. на геолага-геаграфічным факультэце скасоўваецца геалагічнае аддзяленне, студэнтаў накіроўваюць у Кіеў і Гомель. Вялікая колькасць горных пародаў і мінералаў, палеанталагічных узораў, амаль усе прыборы, наглядныя дапаможнікі, абсталяванне шліфавальнай майстэрні былі пераданы ў Гомельскі дзяржаўны універсітэт. Да 1972 г. геалагічный музей знаходзіўся ў малапрыстасаваным падвальным памяшканні, але і там ладзіліся вучэбныя заняткі студэнтаў-географаў.

mus01

З утварэннем у 1973 г. кафедры агульнага землязнаўства пад кіраўніцтвам В. П. Якушкі ўзнікла неабходнасць у аднаўленні музея і змены яго функцый. У 1974 г. Вучонай радай факультэта прымаецца рашэнне аб пераўтварэнні геалагічнага музея ў музей землязнаўства. Даволі складанай задачай было даданне новых матэрыялаў і экспанатаў.

mus02
Для вырашэння ўзнікшых праблемаў у музеі землязнаўства была створана Рада, старшынёю якой была абрана прафесар В. П. Якушка, а навуковым кіраўніком – прафесар В. М. Шырокаў. На працягу пяці гадоў загадчыца музея Н. К. Раманенка і супрацоўнік В. Л. Смалякова з дапамогаю прафесарска-выкладчыцкага складу факультэта распрацоўвалі схемы, графікі, падбіралі новыя матэрыялы для новай выставы музея. Шэраг аддзелаў быў створаны ўпершыню, а большасць існаваўшых раней былі карэнным чынам пераўтвораны. Упершыню за сваю гісторыю экспазіцыя, акрамя навуковай распрацоўкі, атрымала дызайнерскае аздабленне спецыялістаў.

mus03
Рэканструкцыя музея не парушыла хаду вучэбнай і навукова-асветніцкай работы, чаму спрыялі змены метадаў яе арганізацыі. У 1992 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё музея землязнаўства геаграфічнага факультэту БДУ.

mus04
На дадзены момант у музеі працуе тры супрацоўніка: загадчыца музея – В. Л. Смалякова, геолаг – А. Н. Демяшкевіч, інжынер – В. М. Паскіна. Навуковым кіраўніком музея з'яўляецца дацэнт кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій А. Н. Матузка. У калекцыйным фондзе налічваецца больш за 20 тысяч экспанатаў, колькасць якіх увесь час павялічваецца. Частка з іх знаходзіцца ў запасным сховішчы і не даступная для агляду. Калекцыя ўзнаўляецца за кошт музейных набыткаў, падарункаў выкладчыкаў і студэнтаў БДУ, асобных грамадзянаў і устаноў. Асабліва варта адзначыць калекцыі прафесара В. П. Якушка, праф. Э. А. Высоцкага, праф. Г. А. Браніцкага, геолага В. В. Грэсь, а таксама вельмі рэдкія ўзоры мінералаў, бязвыплатна перададзеныя на сталае захоўванне ў музей Гродзенскай і Брэстскай рэгіянальнай мытнямі ў колькасці 728 адзінак.

mus07
Вялікая заслуга ў развіцці музея належыла былому дэкану геаграфічнага факультэта, прафесару І. І. Пірожніку. Пры непасрэдным удзельнічанні дацэнта А. Н. Матузкі, на падставе яго экспедыцыйных матэрыялаў значна ўзбагачана палеанталагічная калекцыя. Рэдкія і каштоўныя палеанталагічныя экспанаты трапілі ў музей апошім часам за кошт падараваных узораў удзельнікамі выстаў "Каменная казка", студэнтамі, супрацоўнікамі факультэту і наведавальнікамі музею. Такім чынам, быў створаны палеанталагічны аддзел, роўных якому па разнастайнасці і часу ўтварэння біялагічных арганізмаў у Беларусі няма.

mus05
У 2007 г. адюылося адкрыцце палеанталагічнага аддзела, прадстаўленага скамянеласцямі старажытнай флоры і фауны характэрных відаў і родаў усіх перыядаў развіцця жыцця на Зямлі. Калекцыя налічвае каля 7000 узораў, якія выкарыстоўваюцца для вучэбных і навуковых мэтаў. Навуковая калекцыя мае унікальныя ўзоры, якія рэдка сустракаюцца у выкапнёвым стане: аманіт рода Speetoniceras speetonensis, трылабіты родаў Agnostus pisiformis, Paradoxides paradoxis, дрэвавідны папаратнік, археацэаты, сямейства рыніевых і інш. Шмат якія з іх знойдзены на тэрыторыі Беларусі. Аддзел увесь час ўзбагачаецца дзякуюцы навукоўцам, выкладчыкам, студэнтам і жыхарам Беларусі. Рэдкую калекцыю "Сымбалі мезазойскіх мораў" у складзе аманітаў і белемнітаў з Англіі падаравала музею прафесар В. П. Якушка.
Экспазіцыі музея:
Марфалогія і фізічныя ўласцівасці мінералаў
Хімічная класіфікацыя мінералаў
Петраграфічны аддзел
Гісторыя развіцця Зямлі і жыцця на ёй
Зямля і космас, касмічная сістэма вывучэння Зямлі
Стратыграфія і мінеральныя рэсурсы Беларусі

Новыя аддзелы: палеанталагічны аддзел, роля прыродных матэрыялаў у жыцці чалавека, руды на металы, мінералы і групы кварцу, палеабатаніка і палеазаалогія, сымбалі мезазойскіх мораў, каралы і ракавіны свету, унікальныя калекцыі

mus09
Гонарам музею з'яўляюцца калекцыі кварцаў, кальцытаў, гіпсу. Аздабляюць музейную калекцыю фантазійныя крамяні Беларусі. Лашчаць вока самацветы Расіі: малахіты і яшмы Уралу, нефрыты і лазурыты Забайкалья, халцэдоны Падмаскоўя і інш. Рэгіёнаў. Наведавальнікі зачароўваюцца дзіўнай гармоніяй казачнага свету "каменных фіялак" аметыстаў, травеньскай зеленню смарагдаў, хрызапразаў, "бэзавым туманам" чараіта. Зачароўваюць вока ззяючыя сонечным святлом бурштыны, непаўторныя кветкі астрафіліту і найбагацейшая калекцыя агатаў. Тысячы студэнтаў БДУ, іншых вышэйшых і сярэдніх вучэбных устаноў атрымліваюць геалагічныя веды і адчуваюць сапраўднае задавальненне ад зносінаў з дзівоснымі стварэннямі прыроды, так як музей з'яўляецца не толькі вучэбнай і навуковай базай, але і асветніцкім цэнтрам у галіне прыродазнаўчых навук.

mus10
Накірункі работы музею:
- навучальна-адукацыйная дзейнасць
- навукова-асветніцкая дзейнасць
- навукова даследчая дзейнасць
- метадычная дзейнасць
- інавацыйная: стварэнне электронных каталогаў, інтэрнэт-старонак, фільмаў, прэзентацый, фотавыстаў і інш.

Вучэбная работа ахоплівае студэнтаў не толькі геаграфічнага, але і хімічнага, фізічнага і біялагічнага факультэтаў БДУ, навучэнцаў сярэдніх школ, студэнтаў іншых вышэйшых адукацыйных устаноў краіны. Падчас педагагічных практык студэнты шырока карыстаюцца экспанатамі ў якасці вучэбных дапаможнікаў. Паслугамі музею карыстаецца рэгіянальная мытня і пракуратура.
З мэтаю адукацыі і гадавання ў насельніцтва культуры камню па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам В. М. Шырокава з 1990 г. музей землязнаўства займаецца арганізацыяй мінералагічных кірмашоў-выстаў "Каменная казка" не толькі ў сталіцы краіны, але і ў іншых гарадах. Акрамя экспазіцый вырабаў для рэалізацыі, ствараюцца тэматычныя выставы. Музей з'яўляецца пастаянным удзельнікам фестываляў "Славянскі базар" у Віцебску.

mus06
З мэтаю распаўсюду ведаў па геалагічных і геаграфічных навуках практыкуюцца цыклы перадач на радыё і тэлебачанні, публікацыі ў сродках масавай інфармацыі. Супрацоўнікі музею прымалі ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Іркуцку, Кракаве. У самім музеі таксама ладзяцца навуковыя канферэнцыі, сімпозіумы, пасяджэнні. Аказваецца навукова-метадычная дапамога краязнаўчым музеям Беларусі па арганізацыі новых аддзелаў і тэматычных экспедыцый (Віцебск, Гродна, Магілёў, Мінск, Касцюковічы, Салігорск, Нясвіж і інш.).
З мэтаю вывучэння досведу арганізацыі музейнай справы, для падвышэння кваліфікацыі супрацоўнікі музею наведалі больш за 30 профільных музеяў Беларусі, Расіі, Польшчы. У 1994 г. музей далучаны ў міжнародны справачнік па мінералагічных калекцыях "World Direktory of Mineral Collectionns", і з'яўляецца чальцом Еўразійскай асацыяцыі універсітэтскіх музеяў.
Музей прапаноўвае лекцыі, экскурсіі па наступных тэмах:
• марфалогія і фізічныя ўласцівасці мінералаў;
• хімічная класіфікацыя мінералаў;
• мінеральныя рэсурсы Беларусі і іх выкарыстоўванне;
• петраграфічная калекцыя музею;
• Зямля і Космас, сістэмы вывучэння Зямлі;
• Таямнічы сусвет камня;
• гісторыя развіцця Зямлі і жыцця на Зямлі.

mus11
Музей адкрыты для наведавальнікаў:
Панядзелак-пятніца - з 9.00 да 18.00
субота – з 9.00 да 13.00
Адрас:
г. Мінск, вул. Ленинградская, 16 (раён чыгуначнага вакзалу),
будынак геаграфічнага факультэту БДУ, 2 паверх, пакой 213
E-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
Музей прымае індывідуальных наведавальнікаў і групы.
Экскурсіі праводзяцца па папярэднім запісу.
Кантактны тэлефон: 8-(017)-209-54-90.

Рассказать в социальных сетях