Студэнты падтрымалі чысціню

Студэнты падтрымалі чысціню

Работнікі геастанцыі “Заходняя Бярэзіна” і 84 студэнты геафака БДУ на чале са старшынёй геаграфічнага таварыства Рэспублікі Беларусь Аляксеем Яротавым, намеснікамі дэкана Аляксандрам Карпічэнкам і Уладзімірам Махначом правялі экалагічную акцыю, прысвечаную Дню зямлі.

Вялікая і дружная грамада прайшлася па ўзбярэжжы самай буйной ракі нашага раёна, ачысціўшы ад смецця прыкладна 1 гектар тэрыторыі. 2,8 кіламетра берага пазбавілася ад пластыка і шкла, якія раз-пораз “забываюць” тут наведвальнікі, рыбакі і іншы люд.

Афіцыйна праведзеная энтузіястамі работа называецца “часткай рэалізацыі “зялёнага” плана развіцця даліны ракі Заходняя Бярэзіна на тэрыторыі Валожынскага раёна”. Неабыякавыя да роднай зямлі жыхары шчыра ўдзячны за дапамогу ў агульнай справе навядзення парадку.

Артыкул надрукаваны у валожынскай раённай газеце "Працоўная слава".